ФЕСТЫВАЛЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ
З 13 па 20 студзеня ў чарговы раз у нашай школе прайшоў Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. Настаўнікі Бурко Антаніна Сяргееўна, Жылко Ліна Васільеўна, Гуткоўская Юлія Фамінічна падрыхтавалі мерапрыемствы, у якіх з задавальненнем удзельнічалі вучні і іх бацькі.
Тэмай Тыдня беларускай мовы і літаратуры ў гэтым годзе была абрана багатая культура Беларусі, самабытнасць, разнастайнасць яе стыляў, формаў і напрамкаў. Самабытная мастацкая культура Беларусі фарміравалася на працягу стагоддзяў. Тут існавалі арыгінальныя архітэктурныя і мастацкія школы, ствараліся непаўторныя музычныя і літаратурныя творы.
Кожны дзень Тыдня быў аб’яднаны адной агульнай тэмай: народныя святы, архітэктура, пісьменнікі-юбіляры, прырода Беларусі.
Другі год вучні нашай школы, пераапрануўшыся ў традыцыйных герояў Каляд, шумна і весела віншавалі вучняў і іх бацькоў, а таксама настаўнікаў школы з Раством, зычылі задароўя і багацця. Прыйшлі госці з Казой і Мядзведзем, традыцыйнымі героямі Калядак, якія добра павесялілі дзяцей танцамі.

Таксама ў рамках Тыдня для вучняў нашай школы была праведзена акцыя «Чытай і запамінай», мэта якой – даць веды вучням пра народныя прыкметы, звязаныя з народнымі беларускімі святамі. 
На перапынках вучні глядзелі відэаролікі, прысвечаныя архітэктурным помнікам Беларусі.
Цікава прайшла віктарына пра жыццё і творчасць пісьменнікаў-юбіляраў.

У гэтым годзе ў рамках Тыдня быў арганізаваны буккросінг – рух, які аб’ядноўвае людзей пад дэвізам «Чытай! Мяняй!». Была арганізвана “паліца вольнага кнігаабмену”. Можна было браць і чытаць кнігі, а таксама прыносіць свае.
Праверыць набытыя на ўроках, а таксама падчас правядзення Тыдня веды вучні змаглі, прыняўшы ўдзел у конкурсе «Вясёлыя перапынкі» 
Былі арганізаваны дзве выставы, з якімі азнаёміліся вучні, іх бацькі і ўсе супрацоўнікі школы: “Пісьменнікі-юбіляры” і “Зямля пад белымі крыламі”.
У рамках Тыдня прайшла і традыцыйная акцыя «Гавары са мной па-беларуску», накіраваная на тое, каб зберагчы наша галоўнае багацце – родную мову, якая засталася нам у спадчыну ад нашых дзядоў і прадзедаў. Эмблемай акцыі была абрана Калядная зорка, якая сімвалізуе віфлеемскую – зорку, пад якой нарадзіўся Хрыстос.
Тыдзень роднай мовы завяршыўся сапраўдным фестывалем беларускай культуры, якія падрыхтавалі вучні старэйшых класаў і настаўніцы Бурко Антаніна Сяргееўна і Гуткоўская Юлія Фамінічна. У святочна ўпрыгожанай зале дзяці і настаўнікі слухалі беларускія песні і вершы, адказвалі на пытанні віктарыны і атрымлівалі за гэта прызы.


Хочацца падзякаваць настаўнікам і вучням, якія сваімі выступленнямі, творчымі знаходкамі надалі святу асаблівы настрой, эмацыйны ўздым.


