Ярка і запамінальна прайшоў у нашай школе традыцыйны Тыдзень беларускай мовы і літаратуры. У гэтым годзе ён праходзіў пад назвай “У родным краі – як у раі!”
Мерапрыемствы кожнага дня былі аб’яднаны адной тэмай.
У панядзелак тэма дня – “Мова родная, усеабдымная!” У гэты дзень адбылося ўрачыстае адкрыццё Тыдня. Для дзяцей былі арганізаваны выставы “Пісьменнікі-юбіляры”, “Кнігі-юбіляры” і “Юбілейныя даты беларускага кнігадруку”. Таксама пачала дзейнічаць традыцыйная акцыя “Размаўляй са мной па-беларуску”. Дзеці прымацоўвалі сімвал акцыі (у гэтым годзе ім была абрана рукавічка са словамі з верша паэткі Яўгеніі Янішчыц “Размаўляй са мной па-беларуску”) і на ўсіх перапынках размаўлялі на роднай мове.



У гэты дзень усе дзеці і супрацоўнікі школы змаглі праверыць свае веды пра жыццё і дзейнасць беларускіх мастакоў слова, юбілеі якіх беларусы святкуюць у гэтым годзе (інтэрв’ю “Пагаворым пра юбіляраў”).
У аўторак тэмай дня была абрана архітэктура Беларусі. На працягу дня вучні школы глядзелі займальныя відэаролікі “Архітэктурныя помнікі Беларусі”, а таксама ўдзельнічалі ў квэсце “Каменны летапіс Беларусі”. Мэта дадзеных мерапрыемстваў – знаёмства вучняў з гісторыяй стварэння помнікаў архітэктуры на Беларусі.
Тэма серады – “Музыка не мае межаў”. Увесь дзень на перапынках працавала школьнае радыё. Вучні і супрацоўнікі школы слухалі народныя беларускія песні і песні сучасных беларускіх выканаўцаў.
У чацвер у рамках дня “У свеце народных традыцый беларусаў” вучні нашай школы, пераапрануўшыся ў традыцыйных герояў Каляд, шумна і весела віншавалі вучняў і іх бацькоў, а таксама настаўнікаў школы з Калядамі, зычылі задароўя і багацця. Прыйшлі госці з Казой і добра павесялілі дзяцей танцамі, гульнямі і шчырымі пажаданнямі.



А завяршыўся Тыдзень сапраўдным святам. Настаўнікі і вучні школы падрыхтавалі для вучняў старэйшых класаў літаратурна-музычную імпрэзу “У родным краі – як у раі!” Вучні слухалі вершы і песні на роднай мове, гранне на скрыцы, прымалі ўдзел у апытанках.

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школы выказалі вучням пажаданне размаўляць на роднай мове не толькі падчас правядзення мерапрыемстваў у школе і з гонарам усведамляць, што ўсе мы – дзеці самай лепшай краіны на свеце – Беларусі!
