Спытайце, што цікавага адбылося ў нашай школе апошнім часам! А ўсё проста – дзесяць дзён яе ўтульныя сцены асвятляліся каляднай зоркай і прайшлі пад сузор’ем роднай мовы і літаратуры. Творчыя настаўнікі школы – Бурко Антаніна Сяргееўна, Жылко Ліна Васільеўна, Дзяцел Юлія Фамінічна і Мінцэвіч Святлана Міхайлаўна – зрабілі ўсё для таго, каб на дзесяць дзён школьнікі весела, цікава і займальна далучыліся да беларускай культуры.

Дзеці мелі магчымасць і гукаць вясну, мацуючы папяровых птушачак, і ўспомніць пра Купалле з вяночкамі… Сучасныя школьнікі даведаліся, як святкуюць Багач і Каляды.

Музычная культура беларусаў была прадстаўлена як вядомымі кампазіцыямі ў выкананні любімых “Песняроў”, так і класічнымі творамі Клеафаса Агінскага, песнямі сучасных выканаўцаў. Некалькі перапынкаў поўніліся спевамі і танцамі!

“Каменны летапіс” пазнаёміў з жамчужынамі архітэктуры Беларусі (Чырвоны касцёл, Нясвіжскі палац, Мірскі замак).

Выклікала цікавасць рубрыка “Нашы юбіляры”, якая расказала пра беларускіх пісьменнікаў Васіля Быкава, Яўгенію Янішчыц, Адама Міцкевіча, Ядвігіна Ш. Дзеці збіралі букет цёплых слоў роднай мове, шукалі адказы на пытанні віктарын і гульняў. Удзельнічалі як малодшыя школьнікі, так і старшакласнікі, якія пад кіраўніцтвам педагогаў з імпэтам праводзілі гульні для дзетак.

І нецярпеннем чакаем новых свят беларускай культуры! Да новых сустрэч!

Мінцэвіч С.М., настаўнік беларускай мовы і літаратуры